УРАДЛІ́ВАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

здольнасць глебы задавальняць патрэбнасці раслін у элементах жыўлення, вадзе, забяспечваць іх каранёвыя сістэмы дастатковай колькасцю паветра, цяпла і спрыяльным фіз.-хім. асяроддзем для нармальнай жыццядзейнасці. Вызначае агульную прадукцыйнасць біяцэнозу і ўраджайнасць с.-г. культур. Узровень У.г. ацэньваецца па баніціровачнай шкале (гл. ў арт. Баніціроўка). Пры правільным выкарыстанні і ахове У.г. павышаецца.

Адрозніваюць У.г. натуральную (патэнцыяльную) і эфектыўную (актуальную, эканам.). Натуральная У.г. ўласціва кожнай глебе, абумоўлена прыроднымі працэсамі глебаўтварэння і залежыць ад магутнасці гумусавага слоя, колькасці гумусу і даступных форм элементаў жыўлення, грануламетрычнага, мінералаг. і хім. складу глебы, яе фіз.-хім. і аграфіз. уласцівасцей, інтэнсіўнасці мікрабіял. працэсаў. Эфектыўная У.г. залежыць і ад спосабу выкарыстання глеб (апрацоўка, ужыванне ўгнаенняў, меліярацыя) і ацэньваецца атрыманай ураджайнасцю с.-г. раслін.

т. 16, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)